![]()
Гэта — першая персанальная выстава мастака ў Глыбокім. «Прасвет» – выстава жывапісу мастака Ігара Марачкіна адкрылася ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці. Гэта яго першая персанальная выстава ў горадзе, але год таму ён выстаўляўся там разам з бацькам Аляксеем Марачкіным, перадае «Радыё Рацыя». Тады выстава была прымеркаваная да юбілею з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Наведвальнікі былі ўражаныя назвай выставы і задавалі пытанні мастаку пра яе падтэкст. Як сказаў Ігар Марачкін, назву выставе прыдумала яго жонка Ірына. Да таго ж яна адпавядае і назве карціны, на якой ён адлюстраваў вясковую лазню з акенцам-прасветам. – Працы ўвогуле цяжка апісваць словамі. Трэба бачыць. Таму я ў першую чаргу хацеў бы запрасіць людзей, каб яны прыйшлі, наведалі выставу. І ўбачылі на самой справе, што такое прасвет для нас, для беларусаў, у нашым жыцці. Таму я і назваў «Прасвет» – у сэнсе і «прасвет» і «пра свет». Падчас выставы Ігар Марачкін правёў невялікі экскурс па экспазіцыі і распавёў прысутным пра гісторыю стварэння кожнай карціны.