![]()
Маладая беларуска адмовілася ад кар’еры ў дзяржаўных установах, каб працаваць з дзецьмі. Выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Даша Андронава не захацела застацца выкладаць у Alma Mater або рабіць кар’еру ў дзяржаўных установах. Адпрацаваўшы па размеркаванні два гады, яна сышла ў прастору таго, што сапраўды любіць: дзяўчына выступае ў фаер-шоў і навучае дзяцей flow art’у – мастацтву, якое спалучае элементы харэаграфіі, акрабатыкі і працы з рэквізітам, перадае «Радыё Рацыя». Створаная ёй у Віцебску дзіцячая студыя flow art «CoolKids» – адзіная ў Беларусі, дзе гэтыя ўменні засвойваюць выхаванцы ва ўзросце ад 3-х да 14-ці гадоў. А яшчэ яны навучаюцца ад сваёй кіраўнічкі любіць родную мову – бо заняткі Даша Андронава вядзе па-беларуску. У адрозненне ад чыноўнікаў раённага аддзелу культуры, якія адмаўляліся разумець родную мову і прымушалі дзяўчыну складаць дакументы на расейскай, дзеці адгукаюцца на беларускую гаворку амаль адразу. Не паўстае праблем і з іхнымі бацькамі, кажа Даша Андронава:— Часам дзеці і іх бацькі, прычым бацькі куды часцей, ставяць перад сабой нейкі блок: «Не разумею, і не хачу разумець!» Але мне не цяжка патлумачыць або перакласці, калі нехта не разумее.