Ігар Комлік: Улада памятае пратэсты, якiя адбылiся два гады таму

Адзін з лідараў прафсаюза РЭП пра тое, чаму «дармаедам» вырашылі зрабіць часовую палёгку. Як вядома, тэрмін аплаты працаздольнымі грамадзянамі, якія не занятыя ў эканоміцы, асобных камунальных паслуг па поўных тарыфах пераносіцца на 1 траўня 2020 года, паведамляе racyja. com. Па поўных тарыфах “дармаеды” кампенсуюць гарачае водазабеспячэнне з 1 студзеня 2019 года, а газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў і цеплазабеспячэнне — павінны былі з 1 кастрычніка гэтага года. - Я думаю, што такі перанос звязаны з палітычнымі кампаніямі, што зараз адбываюцца і будуць адбывацца. Цяпер, напрыклад, набірае разгон парламенцкая кампанія, будучыя праўладныя дэпутаты ўжо “апрацоўваюць” электарат. І тут дзяржава падкладвае такую свінню ў выглядзе падатка для “дармаедаў” у ацяпляльны сезон. А наперадзе яшчэ і прэзідэнцкія выбары. Таму вырашылі перанесці падаткавы ціск на 1 траўня, калі якраз і заканчваецца ацяпляльны сезон. Улады, напэўна, вырашылі “рэзаць” людзей менш балюча.