![]()
Зварот беларускай грамадскасці наконт роднай мовы. «Радыё Рацыя» апублікавала зварот прадстаўнікоў беларускай грамадскасці наконт беларускай мовы:«Мы, прадстаўнікі беларускай грамадскасці, заклапочаныя тым, што беларуская мова не мае спрыяльных умоваў для існавання і развіцця ў Беларусі. Паводле Канстытуцыі Беларусі абедзве мовы – беларуская і расейская – ёсць дзяржаўнымі, але ўлады ўвесь час цураюцца беларускай мовы. Яна амаль не ўжываецца на афіцыйным узроўні, практычна ўсе законы ў Беларусі выдаюцца выключна па- расейску. Паводле апошніх даследаванняў, 48 % беларусаў лічаць беларускую мову роднай, але доступ да адукацыі на беларускай мове застаецца абмежаваны: толькі 13 % вучняў навучаюцца па-беларуску; у краіне няма ніводнага ўніверсітэту з беларускай мовай выкладання. Мова 85 % кнігаў, што выдаецца ў Беларусі штогоду, – расейская; па- беларуску выходзіць толькі 9,5 % кніг. Паколькі ў апошнія гады колькасць ініцыятываў, скіраваных на папулярызацыю беларускай мовы, няспынна расце, надышоў час, каб беларуская нацыя напоўніцу карысталася ўласнымі правамі на самавыяўленне і ўдзел у культурным жыцці, у тым ліку і праз сваю мову.