«А можна, вы пастаіце каля мяне і пагаворыце са мной па-беларуску»

Як робяцца патрыётамі ў Магілеве. Жывучы ў вялікім горадзе, кожны з нас чуе беларускую мову не так часта. Аднак, як той казаў, чуткі пра смерць беларускай мовы моцна перабольшаныя, перадае «Белсат». У Магілёве жыве Вольга Мікалуцкая, настаўніца паводле адукацыі, якая апошнім часам працуе кандуктаркай у тралейбусах. Многія магілёўцы хоць раз ды бачылі спадарыню Вольгу, якая з усімі пасажырамі размаўляе па-беларуску. «Шмат хто з пасажыраў, улічваючы і дзяцей, са мной пачынае размаўляць менавіта па-беларуску», – кажа спадарыня Вольга. Вольга распавядае, што, навучаючыся ва ўніверсітэце, яна больш глыбока стала цікавіцца гісторыяй узнікнення беларускай мовы. Тады яна даведалася, колькі нападаў у працэсе свайго гістарычнага існавання перажыла нашая мова, гэта і абудзіла ў Вольгі моцнае патрыятычнае пачуццё. «Кажуць, што рускімі, французамі, палякамі і гэтак далей нараджаюцца. Беларусамі ж становяцца. Гэта праўда. Я беларускай стала свядома», – адзначае Вольга. Нягледзячы на тое, што Вольга з дзяцінства размаўляла на расейскай мове, а на беларускую перайшла ўжо ў сталым узросце, яна лічыць яе роднай.