Хопіць гуляць у «жмуркі»!

Толькі народ здольны абараніць уласную свабоду і чалавечую годнасць. Новая хваля інтэграцыйнай валтузні паміж Масквой і Мінскам змушае ўспомніць крылаты выраз экстравагантнага, парадаксальнага, няскладнага, алагічнага ў гаворцы былога расійскага прэм’ер-міністра В. Чарнамырдзіна: «Никогда не было, и вот опять». Пасля масіраванай прапагандысцкай апрацоўкі беларускія пенсіянеры на лавачках у скверах і частка іншых жыхароў краіны шмат гадоў горача, ледзь не да боек, абмяркоўвалі расійска-беларускую інтэграцыю, расхвальвалі на ўсе лады А. Лукашэнку за хітрае «даенне» Расіі, за кошт чаго папаўняецца бюджэт, выплачваюцца зарплаты і пенсіі. Аптымістычнага настрою не было ў нацыянальна свядомых, палітычна адукаваных беларусаў, якія змалку саромеюцца нахлебніцтва, бо бацькамі навучаны жыць з суседзямі дружна, але не выпрошваць дармаўшчыну, заўжды есці сумленна зароблены хлеб. Ім было ясна, што рана ці позна, ды ратавальная вяровачка, кінутая першым прэзідэнтам Расіі Б. Ельцыным, абавязкова завяжацца ў пельку-удаўку.