Прыклад змагання за суверэнітэт

Беларускае грамадства прэвентыўна пачало самаарганізоўвацца. Міністр замежных справаў Уладзімір Макей у апошнія дні даў некалькі рэзанансных інтэрв’ю ўплывовым расейскім і заходнім СМІ, у якіх абазначыў «чырвоную лінію» інтэграцыі. З ягоных выказванняў вынікае, што Масква павінна забыць пра размяшчэнне ваеннай базы на тэрыторыі Беларусі, паколькі ў гэтым няма «ані практычнага, ані палітычнага, ані ваеннага сэнсу». Акрамя гэтага, ён прама заявіў, што ніякіх «палітычных момантаў, звязаных са стварэннем федэрацыі, канфедэрацыі там няма і не будзе». Здаецца, такая пазіцыя мусіць закрыць тэму, раз і назаўсёды супакоіць «алармістаў». Аднак, як той казаў, д’ябал хаваецца ў дэталях. У больш разгорнутых фармулёўках спадар міністр гаворыць, што «перад тым як пачынаць паглыбленую інтэграцыю, трэба вырашыць актуальныя праблемы, а гэта: «падатковы манеўр, ліквідацыя перашкодаў у пастаўках прамысловых тавараў і сельскагаспадарчай прадукцыі». То бок, уся незалежніцкая рыторыка перакрэсліваецца пытаннямі доступу на расейскі рынак і атрымання нафтавых бонусаў.