Каб не быць «рускімі са знакам якасці»

Дык якая ваша родная мова? Адказ «беларуская» на пытанне пра родную мову падчас перапісу насельніцтва — гэта цяпер тое, што можа зрабіць абсалютна кожны чалавек для падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Раз на дзесяць гадоў у краіне адбываецца цікавае мерапрыемства — перапіс насельніцтва. Гэтым разам беларусаў палічаць, памацаюць і паглядзяць на іх з 4 па 30 кастрычніка. І цяпер пытанні перапісу — надзвычай важныя. Перапіс важны таму, што менавіта ад яго вынікаў адштурхоўваюцца нашыя статыстыкі, і, адпаведна, улады ў вызначэнні далейшага шляху развіцця дзяржавы і дзяржаўнай палітыкі. Напрыклад, ад сёлетніх вынікаў маштабнай апытанкі, па словах сацыялагіні, аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алены Арцёменкі, будзе залежаць рэформа адміністрацыйнага падзелу краіны. Па меркаванні адмыслоўцы, у некаторых раёнах колькасць насельніцтва можа аказацца каля 5–7 тысяч чалавек, і, адпаведна, там нерацыянальна ўтрымліваць адміністрацыю. Але найважнейшыя пытанні — гэта пытанні 12 і 13 у перапісным лісце.