30 гадоў таму ў Менску адбыўся першы Чарнобыльскі шлях

Яго паказалі па ўсіх вядучых тэлеканалах сьвету. «Ветер, к счастью, дул не на Киев», — назва публікацыі пра аварыю на ЧАЭС у адной з маскоўскіх газэтаў неўзабаве пасьля трагічнай падзеі. Вецер сапраўды дзьмуў не на Кіеў, а на поўнач, на Беларусь — але пра гэта доўга не казалі, піша Сяргей Навумчык у артыкуле для «Радыё Свабода». Каб зразумець фразу «БНФ сказаў праўду пра Чарнобыль», варта прыгадаць хаця б тое, што ў канцы 80-х БССР перадавала ў т. зв. «саюзны бюджэт» дзясяткі мільёнаў рублёў — на «ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС», і перадавала ня проста ў Маскву, а. . . у Міністэрства атамнай энэргетыкі. І рабілася гэта аж да моманту, пакуль вясной 1990-га дэпутаты БНФ не ўзьнялі чарнобыльскую тэму на першай сэсіі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Строга кажучы, першымі праўду пра Чарнобыль спрабавалі казаць Алесь Адамовіч і акадэмік Васіль Несьцярэнка — у першыя ж дні пасьля аварыі, і ня дзе-небудзь, а ў кабінэце першага сакратара ЦК КПБ Сьлюнькова. Але іх не пачулі. Як потым казаў сам Адамовіч, сапраўдны шырокі розгалас тэма Чарнобылю на беларускай зямлі атрымала дзякуючы намаганьням Беларускага Народнага Фронту.