Сем беларускіх ратуш, якія сьведчаць пра эўрапейскае мінулае краіны.

Беларусь заўсёды належала да цывілізацыі Захаду. Драўляныя і каменныя ратушы паўставалі ў гарадах ВКЛ, адзначаных Магдэбурскім правам, з XIV стагодзьдзя. Двухпавярховы будынак зь вежай і гадзіньнікам быў сымбалем гарадзкіх свабодаў. Займала яго новая выбарная ўлада — магістрат. Права на самакіраваньне мелі каля 60 беларускіх гарадоў і мястэчак. Да гэтай пары адрэстаўраваныя або цалкам адбудаваныя ратушы стаяць у сямі зь іх, перадае Радыё Свабода. Менская ратуша — яе адмовіліся разьбіраць гараджане Менск у ліку першых сярод гарадоў ВКЛ атрымаў Магдэбурскае права. Прывілей на самакіраваньне вялікі князь Аляксандар падпісаў 14 сакавіка 1499 году. Каменная ратуша зьявілася на цэнтральнай плошчы ў пачатку XVII стагодзьдзя і, паводле падарожніка Бэрнгарда Танэра, была «галоўным упрыгожаньнем пляцу». У ратушы адбываліся сходы магістрату, суд, тут захоўваліся архіў, гарадзкі герб і пячатка. Пазьней ратуша стала каланчой, падчас кампаніі 1812 году ў ёй быў склад правіянту.