![]()
Чаму працэс над палітвязнем будзе закрыты? Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni. info пра тое, чаму яму незразумела закрытасць працэса над былым палітвязнем Зміцерам Паліенкам. “Магчыма, з-за таго, што справу арганізавалі на пустым месцы, тыя, хто гэта рабіў, разумеюць, што яна палітычна матываваная, – кажа суразмоўца. – Вось і вырашылі не даць магчымасці СМІ шырока асвятліць гэтую тэму…”Нагадаем, што 25 верасня ў Мінскім гарадскім судзе павінен быў пачацца разгляд справы актывіста і былога палітвязня Зміцера Паліенкі, аднак ён перанесены на нявызначаны тэрмін. Вядома было, што суд пройдзе ў закрытым рэжыме. – Асабіста я не бачу падстаў для таго, каб гэты працэс рабіць закрытым, – кажа Гары Паганяйла. – Уласна кажучы, усе падставы прапісаны ў законе, але закрытым працэс могуць зрабіць таксама па просьбе пракурора, удзельнікаў працэса альбо па ініцыятыве суддзі. Але з гэтай нагоды трэба напісаць абгрунтаванае вызначэнне. Таму мне цяжка меркаваць, чаму суд у нашым выпадку вырашыў зрабіць суд закрытым.