Комік ТНТ Андрэй Скараход: Я - беларус, нашу Пагоню і віншую ўсіх з Днём Волі

Андрэй Скараход - пра жыццё i любоў да сваёй краіны. Калі Скараход стаў акцёрам смаленскай каманды КВЗ «Трыёд і Дыёд», беларускія гледачы сталі казаць: «О, ён жа наш, з Беларусі». Гэта Андрэй называў сябе самым няўпэўненым гульцом, і гэта ён правальваў экзамены і па фізіцы, і па анатоміі. Гэта ён, паступаючы ў музычную школу, спрабаваў прыкрыць адсутнасць слыху жартам пра ласіху, і гэта Скараход абураўся тым, што, калі на вяселлі не хапае пяці чалавек, а ў спартыўнай зале двух матаў, — гэта не па-хрысціянску. Цяпер Андрэй Скараход выступае ў дуэце з Дэмісам Карыбідзісам у расійскім Comedy Club, а таксама запісвае другі альбом свайго альтэр-эга рэпера Глебаці. Але нягледзячы на тое, што аднойчы Андрэй вырашыў скараць Маскву, ён па-ранейшаму застаецца нашым. «Мяне здзіўляе, як некаторыя рэагуюць на тое, што я нашу цішоткі з «Пагоняй», вышыванкі ці віншую ў сваім інстаграме ўсіх беларусаў з Днём Волі. Маўляў, вам сапраўды гэта важна? Я беларус, я люблю сваю радзіму, для мяне гэта вельмі важна, і гэта абсалютна нармальна», — адказвае Андрэй Скараход.