Алесь Смалянчук: Сённяшняя беларуская ўлада духоўная спадчынніца Мураўёва і Каяловіча

Сённяшняй уладзе Каліноўскі не патрэбны. Арганізацыйны камітэт па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863 года і беларуская грамадская арганізацыя „Беларуская нацыянальная памяць” рыхтуюць праграму для ўсіх удзельнікаў перапахавання паўстанцаў 1863 года, якія былі забіты на Лукішскай плошчы па загадзе Мураўёва-вешальніка. Імаверна цырымонія пройдзе ў канцы лістапада – пачатку снежня. На перапахаванне мае прыехаць шмат беларусаў. Кажа racyja. com прафесар Алесь Смалянчук:– Анатоль Міхнавец плануе там арганізаваць канцэрт. І размаўляем пра тое, каб неяк палегчыць атрыманне візаў беларусам, якія выберуцца ў Вільню на гэтую ўрачыстасць перапахавання. Праца ідзе. І пэўны кантакт з літоўскай дзяржаўнай камісіяй перапахавання падтрымліваем. Дасягнута дамова з літоўскім бокам, што на ўсіх шыльдах паўстанцаў на перапахаванні прозвішчы будуць пазначаны і па-беларуску. У той час, за паўтара месяца да перапахавання з’явілася петыцыя ў інтэрнэце, дзе некаторыя беларусы падпісваюцца за тое, каб парэшткі Каліноўскага перавезлі ў Беларусь.