![]()
У aрхівах знойдзены лісты беларускіх працоўных да ўладаў з 1990-х. Лісты працоўных пра беларускую мову ў Вярхоўны Савет знайшла ў архіве доктар гісторыі Алена Маркава. Пра што ў іх напісана, яна распавядае ў ток-шоу «Intermarium» на тэлеканале «Белсат». Алена Маркава выкладае ў Карлавым універсітэце (Прага, Чэхія). Паводле яе, гвалтоўная беларусізацыя 1990-х – гэта міф, створаны сённяшнімі ўладамі Беларусі. Перш чым 26 студзеня 1990 года прыняць закон аб тым, што беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай, урад апублікаваў законапраект. У Вярхоўны Савет сталі паступаць лісты. «Я працую ў архівах, і калі я раскрывала гэтыя папкі запыленыя, там была вялікая колькасць лістоў, якія дасылалі звычайныя людзі, – узгадвае Алена Маркава. – І я, канешне ж думала, што там будзе: «Прекратите это безобразие!». Нічога падобнага! Больш за 90 % лістоў былі «за»! Там былі аргументы, што так, вяртаецца гістарычная справядлівасць. Што так, будзе цяжка, але мы гатовыя. Былі і лісты на расейскай мове ў падтрымку беларускай.