![]()
Станіславу Судніку споўнілася 65 год. Апантаны ў сваю справу чалавек жыве ў Лідзе. Гэта пісьменнік і журналіст, культуролаг і грамадскі дзеяч, выдавец і шчыры наш сябра Станіслаў Суднік, якому 21 верасня спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння. Той самы Станіслаў Суднік, які некалі ў Казахстане выдаваў беларускамоўную газету “Рокаш”, які выдаў “Кароткі расійска-беларускі вайсковы слоўнік” і “Расійска-беларускі вайсковы слоўнік” на 8 тысяч слоў разам з Сяргеем Чыславым і “Шыхтавы статут Беларускага войска”. Той самы Станіслаў Суднік, які напісаў і надрукаваў шэраг паэтычных зборнікаў. Сярод якіх – “Пагоня за мову”, “Мой Грунвальд”, “Лідскія скрыжалі”, “Літва”, які сёння рэдагуе ў Беларусі газету ТБМ “Наша слова” і рэгіянальны часопіс “Лідскі летапісец”, які… спіс гэты можна доўга працягваць. А яшчэ Станіслаў Суднік – падпалкоўнік, ён ўзнагароджаны медалём “За баявыя заслугі” і ордэнам “За службу Радзіме”. А я яму сёння, калі б гэта было ў маіх сілах, даў бы яшчэ званне заслужанага работніка культуры Беларусі і ўзнагародзіў бы яго ордэнам Францыска Скарыны, а таксама Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь за яго грамадскую і літаратурную дзейнасць.