Калі культывуецца дзяржаўны гвалт, то чаго дзівіцца гвалту ў школе

Пытаньне пра тое, ці можна ўжываць гвалт у адносінах да дзяцей у школе, ёсьць пытаньне ідэалягічнае. Аляксандар Рыгоравіч — чалавек шчыры. Ня кожны адважыцца на ўвесь сьвет выстаўляць свае, скажам мякка, ня самыя лепшыя якасьці. Нялёгка знайсьці ў сьвеце ня толькі палітыка, а нават публічнага чалавека, які б мог сказаць адносна дзіцяці: «Я б на месцы гэтай настаўніцы галаву б адкруціў шчанюку нейкаму». Кіраўнік Беларусі ўжо нікога ня дзівіць сваёй празьмернай жорсткасьцю. У ягоным лексыконе ўвесь час прысутнічаюць такія выразы, як «па мордзе даць», «скруцім галаву», «ногі паадкручваем», «рукі паадсякаем» і інш. Цяпер гэта даведзена да лягічнага канца. На гэтым тле выглядаюць дзіўнымі ўсе размовы пра адмену сьмяротнага пакараньня. Варта зьвярнуць увагу, што Лукашэнка ня толькі «аднавіў справядлівасьць» у сваім разуменьні і вярнуў на працу звольненую настаўніцу, але ўчыніў «разборку»: дырэктарка школы і шэраг чыноўнікаў страцілі пасады, строга папярэджаныя вышэйшыя кіраўнікі.