Як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі

19 верасьня Вярхоўны Савет Беларусі зацьвердзіў бел-чырвона-белы сьцяг і гэрб Пагоня ў якасьці дзяржаўных сымбаляў. Пра тое, як гэта адбывалася — фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая выйшла у «Бібліятэцы Свабоды. ХXI стагодзьдзе» (другое выданьне — 2016), якi публiкуе «Радыё Свабода». Тактыка Апазыцыі БНФ: замест “кантрастнага душу” — просьбы і пераконваньні18 верасьня 1991 году старшынём Вярхоўнага Савету быў абраны Станіслаў Шушкевіч (вылучаліся чатыры кандыдаты — Уладзімер Заблоцкі (Апазыцыя БНФ), Генадзь Карпенка, Вячаслаў Кебіч і Станіслаў Шушкевіч. У другі тур выйшлі Шушкевіч і Кебіч, перад галасаваньнем Кебіч зьняў сваю кандыдатуру. «Вячаслаў Францавіч — сумленны чалавек», — пракамэнтаваў гэты ўчынак Станіслаў Станіслававіч. На другі дзень пасьля выбараў старшыні, 19 верасьня, быў заплянаваны разгляд пытаньняў пра назоў краіны, дзяржаўныя герб і сьцяг. У той самы дзень разам са старшынём камісіі па міжнацыянальных зносінах Міхаілам Сьлямнёвым мы меліся ляцець на запрашэньне парлямэнту Малдовы ў Кішынёў.