![]()
Матэрыялы гэтага перапісу дагэтуль ніхто не вывучаў. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захаваліся дакумэнты Ўсерасейскіх сельскагаспадарчых перапісаў 1916 і 1917 гадоў. Яны дагэтуль прафэсійнымі гісторыкамі не вывучаліся, хаця ўтрымліваюць сэнсацыйныя матэрыялы. Перапісы ўладальнікаў сельскіх гаспадарак праводзіліся для вызначэньня харчовага патэнцыялу Расеі ва ўмовах Першай сусьветнай вайны. Падчас гэтых перапісаў упершыню ў гісторыі задавалася пытаньне пра нацыянальнасьць. На просьбу Радые Свабода галоўны архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Ўладзімер Дзянісаў пагартаў захаваныя дакумэнты перапісаў 1916 і 1917 гадоў. Матэрыялы перапісу ніхто не вывучаў— Давайце спачатку пагаворым пра сам гэты малавядомы сельскагаспадарчы перапіс 1916-1917 гадоў. Здаецца, пра яго ў Беларусі ніхто ці амаль ніхто не пісаў. — Першы Ўсерасейскі сельскагаспадарчы перапіс быў праведзены ў 1916 годзе. ен праводзіўся толькі ў сельскай мясцовасьці, каб сабраць статыстычны матэрыял для распрацоўкі мерапрыемстваў па забесьпячэньні харчаваньнем арміі і насельніцтва падчас вайны.