Новы фільм Джэймса Франка выходзіць па-беларуску адначасова

У сусветны пракат 13 верасня выходзіць новы фільм Джэймса Франка Zeroville, а ўжо 19 верасня ў Мінску ў кінатэатрах VOKA CINEMA і Silver Screen прэм’еру прадставяць на беларускай мове. У агучцы «Нулявуда» ўзялі ўдзел вядомыя артысты і музыканты. Галоўныя героі гавораць з экрана галасамі вядомых акцёраў беларускіх тэатраў – Алега Гарбуза, Крысціны Дробыш, Андрэя Мілюхіна, Таццяны Ружаўскай. У агучцы таксама ўдзельнічалі музыканты – Аляксандр Памідораў, Бенька, Ілля Чарапко, Дзядзя Ваня. Жаргон, жарты, лаянка (а фільм 18+) – усё гэта было захавана і ў перакладзе на беларускую мову. Асобнае задавальненне – у гуку: упершыню беларускі пераклад з мовы арыгіналу можна будзе пачуць у прынцыпова новым аб’ёмным фармаце 5. 1. Галоўны герой па мянушцы Пастар – аўтычны выпускнік духоўнай семінарыі – згодна з адукацыяй мусіў стаць архітэктарам цэркваў, але вырашае прысвяціць сваё жыццё кіно. Пагаліўшы галаву і зрабіўшы на ёй тату герояў культавай меладрамы «Месца пад сонцам», у 1969 годзе ён прыязджае ў Галівуд.