![]()
У адказ на «інтэграцыю» настаўніца рускай мовы перавучваецца на беларускага філёлага. Па адукацыі я — рускі філёляг. Памятаю, як мае бацькі ўздыхалі разам, раілі добра падумаць і абраць што-небудзь матэрыяльна цікавейшае, памятаю, як тата прапаноўваў: «Ідзі хаця б на руска-беларускае аддзяленьне, бо рускую літаратуру ты і так ведаеш, дык шчэ беларускую вывучыш». Мне не хацелася вучыць беларускую літаратуру. Мне падавалася, што няма на сьвеце справы горшай, чым пяць год ва ўнівэрсытэце вучыць беларускую літаратуру. Найпрыгажэйшая гісторыя філялягічнага каханьняПа сутнасьці, я — неблагі рускі філёляг. Выкладаць гэты школьны прадмет, чытаць лекцыі ва ўнівэрсытэце, раскрываць лёгіку працэсаў і праводзіць паралелі ў межах рускай культуры я магу ў любым стане, ува сьне і ў непрытомнасьці. Рускі сьвет быў сьветам майго дзяцінства, сьветам маіх захапленьняў, сьветам маіх першых навуковых цікавасьцяў і спробаў. І толькі апошнія гады, пасьля таго як са мною здарылася найпрыгажэйшая гісторыя філялягічнага каханьня, каханьня да беларускай літаратуры, я разумею, што я — філёляг, закратаваны і абмежаваны рускасьцю сваіх юнацкіх захапленьняў, сваёй акадэмічнай адукацыі, сваёй прафэсіі.