Пішуць «эканамічная інтэграцыя» — маюць на ўвазе «палітычная залежнасьць»

І каму гэта трэба? Публікацыя добра інфармаванай газэты «Коммерсантъ» трохі больш праясьніла, што за дакумэнты падпісалі прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі 6 верасьня. Хоць і асаблівай сэнсацыяй гэта не выглядае. Ужо шмат месяцаў афіцыйныя асобы дзьвюх краін цьвердзяць пра падрыхтоўку праграмы, якая прадугледжвае ўніфікацыю эканамічнага заканадаўства і эканамічнай палітыкі Беларусі і Расеі. Кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Румас сфармуляваў мадэль так: дзьве дзяржавы, адна эканоміка. Важна адзначыць, што гэта ня ёсьць рэалізацыя дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы ад 1999 году, бо ў тым дакумэнце прадугледжвалася стварэньне наднацыянальных органаў улады. А паводле «Коммерсанта», у распрацаванай праграме інтэграцыі такіх органаў няма. Тады ўзьнікае лягічнае пытаньне: у чым сэнс падобнай канструкцыі? Дзеля чаго яна патрэбная?Пасьля таго як Дзьмітрый Мядзьведеў у сьнежні мінулага году ў Берасьці агучыў плян «прымушэньня да інтэграцыі», большасьць экспэртаў прыйшлі да высновы, што з дапамогай Саюзнай дзяржавы Пуцін хацеў бы працягнуць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы пасьля 2024 году.