![]()
Генадзь Карпенка зрабіў у Маладэчне тое, што не ўдалося ні ў якім іншым горадзе Беларусі. 17 верасьня споўнілася б 70 гадоў зь дня нараджэньня Генадзя Карпенкі (1949-1999), дэпутата і члена Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, намесьніка старшыні Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня, старшыні Маладэчанскага гарвыканкаму (1991-1994), члена-карэспандэнта АН Беларусі. Пра яго ўзгадвае ягоны паплечнік Валер Костка. «Будзеш прыкрываць мяне са сьпіны»У 1988 я пераехаў у Маладэчна, працаваў старэйшым опэрам у палку ўрадавай сувязі, а Карпенка працаваў дырэктарам заводу, але тады мы знаёмыя былі слаба. На выбарах у 1990-м быў кандыдатам у Менскі абласны савет, і мая акруга ўваходзіла ў акругу па выбарах у Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, куды балятаваўся Генадзь Карпенка. Тады мы ўжо разам праводзілі сустрэчы з выбаршчыкамі, у Маладэчне. Я стаў дэпутатам абласнога, ён — Вярхоўнага Савета. Калі ж у 1991 годзе, калі Беларусь дамаглася незалежнасьці, я пачаў выпрацоўваць прапановы па рэфармаваньні КДБ, па ператварэньні яго з сыстэмы палітычнага вышуку ў спэцслужбу, якая б займалася зьнешняй выведкай, контрвыведкай, антытэрорам — тым, што забясьпечвае існаваньне дзяржавы.