Праваабаронцы наведалі Слонім

У размове са слонімцамі яны падкрэслілі, што самым галоўным сёння ва ўсіх справах з’яўляецца наша салідарнасць. У суботу, 14 верасня, Слонім наведалі праваабаронцы і пісьменнікі з Менску Алесь Бяляцкі, і з Гародні – Віктар Сазонаў. Госці сустрэліся са слонімцамі, дзе прэзентавалі свае кнігі, адказалі на пытанні прысутных, перадае «Радыё Рацыя». Распачаў сустрэчу Віктар Сазонаў, які распавёў пра розныя сітуацыі, звязаныя з дзейнасцю праваабаронцаў Гарадзеншчыны, падкрэсліўшы пры гэтым, што “самым галоўным сёння ва ўсіх справах з’яўляецца наша салідарнасць”. Госць з Гародні пазнаёміў слонімцаў з некаторымі сваімі творамі, а таксама сказаў шчырыя словы ў адрас кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Фото: Радыё Рацыя Па словах Алеся Бяляцкага, ён не быў у Слоніме больш за 20 гадоў. За гэты час шмат што памянялася ў яго жыцці, грамадскай дзейнасці і ў творчасці. Падчас сустрэчы Алесь распавёў пра сваю працу над кнігай “Халоднае крыло Радзімы”, якая з’яўляецца своеасаблівым працягам кніг “Асвечаныя беларушчынай”, і “Іртутнае срэбра жыцця” – выданняў, якія былі падрыхтаваныя падчас зняволення аўтара.