Адам Глёбус: Ёсьць тры асноўныя даты ў гісторыі Беларусі

Нас абядноўвае дзяржава. Пісьменьнік і мастак Адам Глёбус штогод 17 верасьня віншуе сваіх сяброў у Фэйсбуку з днём аб’яднаньня Беларусі. Штогод пад гэтымі допісамі ідзе ідэалягічная вайна. Але Глёбус робіць гэта не для хайпу. Ягоны дзед Бронік быў сярод тых, хто ўдзельнічаў у той падзеі са зброяй у руках, а бацька Вячаслаў Адамчык напісаў культавы раман пра жыцьцё беларусаў у міжваеннай Польшчы — «Чужая бацькаўшчына». У інтэрвію Свабодзе Адам Глёбус расказаў, чаму лічыць 17 верасьня 1939 году адной з трох найважнейшых датаў у беларускай гісторыі і чаму яму сьмешна ад аповедаў пра добрае жыцьцё «пад Польшчай». «Больш няма ані заходнікаў, ані ўсходнікаў»— Вы сябе лічыце заходнікам ці ўсходнікам?— Цэнтравым. — Што гэта значыць у краіне, дзе доўгі час існавала традыцыя дзяліць людзей на заходнікаў і ўсходнікаў?— Трэба прыгадаць, што ў нас былі яшчэ асобна палешукі. Але я сябе заўсёды лічыў цэнтравым, бо я нарадзіўся ў цэнтры Беларусі, каля станцыі Койданава, у сваім Крутагор’і, якое пераназвалі ў гонар паляка Дзяржынскага.