Форэст Гамп з Якуціі

Папулярнасць шамана Аляксандра Габышава расце як снежны ком. У Расеі разгортваецца сюжэт, які нагадвае знакамітую сцэну з культавага фільма “Форэст Гамп” Роберта Земейкіса. У згаданай галівудскай карціне галоўны герой без дай прычыны бяжыць праз увесь амерыканскі кантынент. Спачатку яго не заўважалі, а потым за ім утварыўся натоўп, які лавіў кожны крок і жэст свайго куміра. Нешта падобнае здарылася і з расейскім грамадзянінам Аляксандрам Габышавым. Вось ужо некалькі месяцаў эксцэнтрычны чалавек з Якуціі, які называе сябе воінам-шаманам, ідзе пешшу са сваёй радзімы на Крэмль. Ён апантаны ідэяй выгнаць з сэрца Расеі Уладзіміра Пуціна, якога ён лічыць “дэманам”. Паводле хадака, сама прырода не любіць расейскага правадыра, які, дзе толькі не з’яўляецца, выклікае прыродныя катаклізмы і няшчасці. Паколькі ягоны высокапастаўлены візаві з’яўляецца “чорным калдуном”, то прагнаць яго можа не палітык, кшталту Аляксея Навальнага, а іншы, белы калдун. Палітычная праграма ў ваяра-шамана досыць простая: усталяванне дэмакратыі і гармонія.