Алесь Пушкін: А там замест цішы – дынамікі і нацыянальны сцяг!

Як на Крапівенскім полі адзначылі 505-я угодкі Аршанскай бітвы. Пакуль у беларускай інфапрасторы збольшага гаварылі пра 1000-годдзе Берасця і фестываль «Lidbeer», частка беларусаў аддала перавагу старому і напаўзабытаму фэсту «Аршанская бітва», які ў апошнія гады з-за ціску ўладаў адбываўся паўлегальна, перадае «Радыё Рацыя». Зрэшты, ранкам 8-га верасня, калі на Крапівенскім полі ўжо з вечару стаяла намётавая мястэчка, на месца славутай бітвы завітала і госця, якая паспела пабываць на святкаванні 1000-годдзя Берасця і за ноч даехала да Крапівенскага поля. А ўсяго гасцей было некалькі дзясяткаў, прычым 20 чалавек начавалі на полі. Такога сёлета не чакаў адзін з даўніх удзельнікаў фестывалю «Аршанская бітва» Алесь Пушкін:– Калі я выехаў з Бабра на ноч і прачытаў, што Генадзь Шэпелеў – вартавы крапіўнага поля, то паехаў падтрымаць яго. Я падумаў, што мы будзем дзесьці ўдвух, можа яшчэ будуць да нас падыходзіць Васіль ды пару чалавек. Але мне было так прыемна, што калі я ішоў па дарозе на Гацькаўшчыну, я ўжо бачыў, што свеціцца велічэзным бел-чырвона-белым сцягам поле.