![]()
Вядомая настаўніца Ганна Севярынец - пра беларускую адукацыю. Самай пачварнай з усіх верасьнёўскіх адукацыйных навінаў была для мяне не навіна пра перагляд тэставаньня, не навіна пра забарону цішотак з капюшонамі, не навіна пра блытаніну ў новых праграмах, а навіна пра тое, што ў шэрагу школаў Беларусі настаўнікі перадрукоўваюць каляндарна-тэматычнае плянаваньне з друкаваных кніжак. «Разумеюць ідыятызм сытуацыі — і перадрукоўваюць»Гэтае плянаваньне, скарочана КТП, то бок расклад праграмных тэмаў па датах — адзін з асноўных унутраных дакумэнтаў настаўніка. У ідэале мы ня маем права адхіляцца ад КТП, калі яно ўзгоднена адміністрацыяй школы. Гадоў дваццаць таму КТП шчэ пісалася ад рукі і раскладвалася кожным настаўнікам па сваім разуменьні, з апорай, канешне ж, на агульную праграму. Сёньня па кожным прадмеце друкуюцца спэцыяльныя кніжкі, і гэта вельмі зручна: паставіў даты згодна з раскладам, як трэба, памяняў тое-сёе ў дазволеных межах, узгадніў у дырэктара — і сьпі спакойна.