Яўген Вапа: Беларуская культура бязмежная

Два беларускія пісьменнікі з Падляшша сталі намінантамі прэстыжных літаратурных прэмій Беларусі. У кароткім спісе прэтэндэнтаў на прэмію Наталлі Арсенневай апынулася кніга Надзеі Артымовіч „Краявід з невідочнай памылкай”. А сярод кніг, адабраных у кароткі спіс прэтэндэнтаў на Прэмію Гедройца, „Поўня” Міхала Андрасюка. Абедзве кнігі ўбачылі свет у выдавецтве Праграмная рада тыднёвіка „Ніва” пры падтрымцы Беларускага Радыё Рацыя . Кажа галоўны рэдактар тыднёвіка „Ніва” Яўген Вапа:– Гэта ўжо 54-55 кніжкі на нашай палічцы выдавецтва „Ніва”. Кніжка Надзеі Артымовіч 54-я, а Міхася Андрасюка 55-я. Маем „Поўню” і лічбу 55. Мы на гэтыя кніжкі чакалі доўгія гады. Адзін пісьменнік і другая пісьменніца-паэтэса працуюць над словам, не спяшаюцца. Літаратура ўзнікае ў слуханні, адчуванні кожнага гуку, кожнага слова, кожнага сказу. Пашпартам беларускасці з’яўляецца беларускае слова Надзеі Артымовіч. Артымовіч нікуды не выязджае за мяжу, яна жыве толькі Бельску Падляшскім. Беларускасць і яе Бельск Падляшскі з’яўляюцца эпіцэнтрам свету.