На Крапівенскім полі адзначылі ўгодкі Аршанскай бітвы

Каля 20 чалавек правялі ноч з 7 на 8 верасня на знакавым для беларусаў месцы. Фэст „Аршанская бітва-2019” адбыўся. Арганізатары і даўнія наведнікі знакамітага і некалі масавага фэсту не чакалі, што сёлета на Крапівенскім полі на ноч збярэцца пару дзясяткаў чалавек. Летась на полі начаваў толькі адзін, перадае «Радыё Рацыя». Сёлета на полі ў ноч узгадалі шэраг імёнаў тых, хто спрычыніўся да стварэння фэсту. Іх назваў са сцэны адзін са стваральнікаў фэсту Юрка Копцік:– Гэта Алесь Белабародаў з жонкай Аляксандрай, гэта Саня Коўшык з жонкай Людай Шчагловай, гэта дзядзька Васіль якога ўсе ў Воршы ведаюць. Давайце воплескамі падзякуем нават тым, каго тут няма. Цяпер прыйсці на Крапівенскае поле прасцей, чым у мінулыя гады. Дарога на поле ўзараная, аднак няма пастоў міліцыі на дарогах і на беразе ракі, як было ў папярэднія гады. А названыя арганізатары ў свой час ладзілі фэст нягледзячы на тое, што правядзенню заміналі ўлады:– Яны трымалі гэтую традыцыю, калі гэта было небяспечна для асабістай кар’еры, працы.