![]()
Мара стане рэальнасцю тады, калі абрабаваныя народы выявяць волю і моцна ўдараць пад рэбры аўтарытарызму. Заходнія эксперты часта сцвярджаюць, што ў параўнанні з мінулым часам у Беларусі нічога не памянялася, бо яна засталася «савецкім запаведнікам». У пэўнай ступені гэта так, калі глядзець на краіну без уліку многіх прыхаваных унутраных і знешніх працэсаў. Але ў рэальнасці не ўсё проста і адназначна. Несумненна, прыкметная «савецкасць» або, як павялося казаць з адценнем абразлівасці, «саўковасць» аўтарытарнай Беларусі выяўляецца ў архаічным камандным стылі кіравання, у правядзенні фіктыўных выбараў, у дзейнасці залежных ад выканаўчай улады судоў, падкантрольных СМІ. Аднак у зямным свеце нічога не адбываецца без складанай узаемасувязі і трансфармацыі, не праходзіць бясследна. Гэта тычыцца не толькі прыроды, але і чалавечай супольнасці, краін з рознымі палітычнымі і сацыяльнымі сістэмамі. Нават кіраўніцтва таталітарнага СССР, трымаючы грамадзян за «жалезнай завесай», мела з Захадам не толькі дыпламатычныя стасункі.