![]()
Бацькі вельмі задаволеныя. Пра планы адкрыць рознаўзроставую беларускамоўную групу ў мінскім садку №210 бацькі паведамлялі яшчэ ў красавіку, піша nn. by. Цяпер новую групу наведваюць 9 дзяцей. «Учора быў першы дзень, бацькі вельмі задаволеныя і выхавацелькамі (абедзве цудоўна ведаюць беларускую мову, камунікуюць выдатна), і ўмовамі — у памяшканні зрабілі добры рамонт», — расказвае Вольга Кавальчук, якая была адной з ініцыятарак стварэння групы. Да групы яшчэ можна далучыцца — накіраванні будуць выдавацца ўвесь верасень. Але для гэтага трэба стаяць на чарзе ў садок у Першамайскім раёне. «Ведаю, што ўжо з суседніх груп ёсць жадаючыя перавесціся. І рускамоўныя бацькі хочуць, каб іх дзеці патрапілі ў гэту групу, бо там створаны добрыя ўмовы», — дзеліцца Вольга. Адкрыццё новай беларускамоўнай групы не абышлося без скандалу. Справа ў тым, што ў 210-м садку ўжо працавала група, дзе навучанне вялося на роднай мове, і бацькі, чые дзеці хадзілі туды, перажывалі, што яе распусцяць. У выніку існуючую групу не расфарміравалі.