«Жыве Гародня! Жыве Беларусь!»: Dzieciuki прэзэнтавалі трэці альбом

Ён называецца «Радыё Harodnia». Гарадзенскі гурт Dzieciuki прэзэнтуе на TuzinFM трэці студыйны альбом «Радыё Harodnia». У ім акрамя фірмовага фольк-панку гучыць рэгі і нават вальс. Як распавёў лідэр «Дзецюкоў» Алесь Дзянісаў:- Гэты альбом нараджаўся з цяжкасьцямі, выйшаў значна пазней, чым мы плянавалі. Але затое мы мы не залежалі ад зьнешніх абставінаў. Не прасілі ў нашых сяброў грошай з дапамогай краўдфандынгу, не пазычалі. Усё рабілі самі. Акрамя запісу бубнаў і майстэрынга. Вопыту бракавала, таму ўсё замарудзілася. Львіную долю ў сумеснай працы зрабілі Паша «Трабл», які па сканчэньню запісу прыняў рашэньне сысьці з гурта, ды Андрэй Пудзін. Пра апошняга мушу сказаць больш падрабязьней. Андрэй – старэйшы брат нашага гітарыста Лёхі Пудзіна – і раней нам дапамагаў: падказваў нейкія моманты, карэктаваў па дробязях падчас запісу папярэдніх альбомаў. Калі ён стаў паўнавартасным чальцом гурта, то ўсклаў на свае плечы цэлы вагон працы. Менавіта дзякуючы Андрэю, большасьць песень паўстала ў такім выглядзе, у якім мы іх бачым.