Журналіст з Рэчыцы выпраўляе назвы вуліц у сталіцы

Перад гэтым Андрэй Мядзведзеў займаўся беларусізацыяй чыгункі. Журналіст-фрылансер, сябра ГА “БАЖ” Андрэй Мядзведзеў з Рэчыцы дамогся, каб у касах мясцовага чыгуначнага вакзала яму выдавалі квіткі на праезд на беларускай мове, перадае прэс-служба БАЖ. “Рэчыцкія касіркі ўжо прызвычаіліся да мяне, некаторыя нават не пытаюцца і самі друкуюць квіткі па-беларуску. Але ў мяне такое ўражанне, што я адзін такі, хто просіць квіток па-нашаму”, — кажа Мядзведзеў. Розныя людзі з розных мясцін краіны некалькі гадоў запар пісалі ў дзяржаўнае прадпрыемства “Беларуская чыгунка”, каб і на транспарце захоўвалася роўнасць беларускай і рускай моў. Найбольшыя высілкі ў гэтым напрамку рабілі і робяць ініцыятары праекту “Абаронім мову разам!”. “Я таксама падтрымліваю гэтую ініцыятыву, — тлумачыць сваю пазіцыю карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Мядзведзеў. — Быў неяк у сталіцы ў шматфункцыянальным комплексе “Маяк Мінску”. Там панавешвалі шыльдаў з назвамі вуліц на незразумелай транслітарацыі.