![]()
Купалаўскі тэатар верне Малую сцэну на вуліцы Энгельса, 12 i адновіць легендарныя пастаноўкі. Купалаўскі тэатар да свайго 100-годзьдзя верне Малую сцэну на вуліцы Энгельса, 12, адновіць легендарныя пастаноўкі — «Тутэйшыя» і «Ідылію», паставіць «Караля Ліра» і плястычны спэктакль «Мой Шагал». А вось «Блатных і фраераў» па Сяргею Пясецкаму пакуль ня будзе, бо няма якаснай інсцэніроўкі. 3 верасьня Купалаўскі тэатар адкрывае свой 100-ы сэзон, а ў 2020-м адзначыць 100-годзьдзе ад моманту ўтварэньня. Традыцыйна спэктаклем адкрыцьця стане легендарная «Паўлінка», якая ідзе на галоўнай сцэне ўжо 75 гадоў — упершыню яна была пастаўлена ў эвакуацыі ў Томску ў 1944-м, паведамляе «Радыё Свабода». «Гэта ўнікальны спэктакль, які ніколі не мяняўся. Мы яго захоўваем, гэта „музэйны“ спэктакль. Наш народны артыст Арнольд Памазан падлічыў, што ў „Паўлінцы“ ў ролі пана Быкоўскага ён выходзіў на сцэну 1000 разоў», — кажа мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін. Кіраўніцтва Нацыянальнага акадэмічнага тэатру расказала пра адметнасьці і навінкі 100-га сэзону.