![]()
На месцы загубы атраду касінераў з’явіўся новы помнік. У вёсцы Пагосцішча Лёзненскага раёна адбылося традыцыйнае штогадовае ўшанаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Менавіта тут, на Лёзненшчыне, адбыўся апошні бой атрада пад кіраўніцтвам Ігната Будзіловіча: паўстанцы трапілі ў аблогу, а іхнага камандзіра ўзялі ў палон і расстралялі ў аршанскім астрогу 28 жніўня 1863 году, паведамляе «Радыё Рацыя». У памяць пра ўдзельнікаў паўстання яшчэ ў 2006 годзе тут з’явіўся помнік – бетонны крыж на невялічкім курганчыку. Яго паставілі настаўніца гісторыі Алена Грачышнікава разам са сваімі вучнямі. А яшчэ праз пару гадоў давялося ратаваць помнік ад знішчэння, прыгадвае Алена Іванаўна:– Калі мяняліся адносіны да Каліноўскага, тады сказалі нам разбіраць помнік. А я сказала, што нічога разбіраць не буду – не для таго мы гэтыя камяні збіралі, не для таго тут дзіцячымі ручкамі ўсё зроблена! І што са сваімі вучнямі я зрабіла добрую справу. Але за мінулыя гады ў помніку ўтварыліся шчыліны, хоць яго і шмат разоў рамантавалі.