Шклоўскія лапці

Трэба быцьактыўнымі грамадзянамі і свядомымі, шчырымі беларусамі, каб нас не абулi. Навіна пра тое, што пры рэканструкцыі старога будынка ў Шклове знайшлі стогадовыя лапці, у якія людзі абуваліся па святах, не здзівіла. Тут часта адшукваецца нешта экзатычнае. У 1963 годзе быў выкапаны знакаміты аб’ект пакланення старажытных славян — паганскі ідал фалічнай формы. З разуменнем ставячыся да сівой і блізкай гісторыі, да народных традыцый, вераванняў, побытавых адзнак роднага краю, я разглядаю іх праз прызму жыццёвасці, карыснасці і выніковасці. Як ні круці шклоўскага ідала — ці то гэта быў проста сімвал пладавітасці і ўрадлівасці, ці то бажок з моцнай уладай над людзьмі, — яго сутнасць застаецца міфічнай, казачнай. Зусім іншы, прыкладны сэнс нясуць звычайныя лапці. Яны рэальна і доўга служылі людзям. У лапцях яшчэ хадзіў у пачатковую школу мой бацька, які і сам навучыўся няблага іх плесці. Нягледзячы на тое што лапці спакон веку былі сімвалам беднасці роднага краю, да гэтага абутку нельга ставіцца пагардліва.