![]()
У кнiзе ў тым лiку згадваюцца адрасы, дзе беларусы ладзяць акцыі пратэсту i дэманстрацыі. Лявон Юрэвіч піша пра кнігу Ганны Сурмач „Беларускі Нью-Ёрк”, якая не так даўно пабачыла свет. Выйшла кніга, патрэба якой проста лунала ў паветры, і абсалютна слушна гучаць словы генератара ідэі і натхняльніка Вітаўта Кіпеля, якія прыводзіць аўтарка: “Як гэта мы не зрабілі такога даведніка да сёньняшняга часу!” (с. 8). Важнымі для ўспрыняцця выдання ёсць наступныя тлумачэнні (тут і далей аўтарскі правапіс і пунктуацыя захаваныя): “Напачатку трэба было вырашыць і пытаньне, пра тое, якога будзе тыпу кніга. У выніку прыкідаў і роздумаў мы са сп. Кіпелем спыніліся на меркаваньні, што гэта не павінна быць навуковая ці навукова-папулярная праца, а толькі інфармацыйная, прыкладнога значэньня. […] Таму вы не знойдзеце ў кнізе навукова апрацаваных спасылак, каментароў і іншых атрыбутаў навуковага выданьня”. (с. 9). Да спасылак — хай не “навукова апрацаваных”, а проста бібліяграфічных — яшчэ давядзецца вярнуцца, а тым часам неабходна спыніцца на вельмі істотнай фармулёўцы — “прыкладнога значэньня”.