Заходні дасьледнік: Караткевіч пачаў вяртаньне ВКЛ у гістарычную спадчыну беларусаў

Гэта дазволіла перамагчы накінутыя нам расейскія міты. «Радыё Свабода» пагутарыла з Сайманам Льюісам (Simon Lewis), брытанскім дасьледнікам беларускай гісторыі, культуры і літаратуры. У 2015 годзе Сайман Люіс атрымаў ступень доктара Кембрыдзкага ўнівэрсытэту на падставе дысэртацыі «Дзікае паляваньне: Памяць і скруха ў Беларусі» (A Wild Hunt: Memory and Mourning in Belarus). Сёлета ў выдавецтве Routledge выйшла ягоная кніга «Belarus — Alternative Visions. Nation, Memory and Cosmopolitanism», прысьвечаная досьледу розных наратываў (гістарыяграфія, кіно, літаратура), якія датычаць беларускай ідэнтычнасьці. Асаблівая ўвага ў кнізе нададзеная фармулёўкам гэтай ідэнтычнасьці ў беларускай літаратуры. У прыватнасьці, аўтар аналізуе некаторыя творы Васіля Быкава («Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць», «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Знак бяды»), Уладзімера Караткевіча («Кастусь Каліноўскі», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Ладзьдзя роспачы»), Андрэя Хадановіча (расейскамоўныя вершы 1999 году), Ігара Бабкова («Адам Клакоцкі і ягоныя цені»), Наталкі Бабінай («Рыбін горад») і Альгерда Бахарэвіча («Сарока на шыбеніцы»).