![]()
Алег Матусевіч расказаў, чаму вырашыў падарыць Лідзе помнік Гедзіміну. Помнік князю ВКЛ быў усталяваны на грошы замежнага прадпрыемства «Белтэкс оптык», якое ўваходзіць у склад літоўскай кампаніі Yukon Advanced Optics Worldwide. Дырэктар «Белтэкс оптык» Алег Матусевіч расказаў «Радыё Свабода», як ягоная кампанія стала спонсарам усталяваньня помніка вялікаму князю літоўскаму. «Усё пачалося з таго, што Лідзкі райвыканкам рассылаў лісты з запрашэньнем паўдзельнічаць у фінансаваньні гэтага помніка. Наша галаўная кампанія Yukon Advanced Optics Worldwide знаходзіцца ў Вільні, а Гедзімін — гэта знакавая асоба як для Беларусі, так і для Літвы. Мы пагутарылі з гендырэктарам, я спытаў, колькі будзем выдзяляць. Ён сказаў, што мы прафінансуем усё поўнасьцю. Адзінае, каб там была адзнака, што гэта ад нас падарунак гораду. Рашэньне было прынята цягам дня, і мы ўсё прафінансавалі. У прынцыпе, гісторыя вельмі простая», — сказаў Алег Матусевіч. Паводле дырэктара прадпрыемства «Белтэкс оптык», якое належыць літоўскай кампаніі, «была ідэя пашырыць межы, аб’яднаць больш народу».