Актывісты метадычна змяняюць дарожныя знакі на беларускамоўныя

Да ініцыятывы далучаюць усё больш людзей. Актывісты кампаніі «Умовы для мовы» Ігар Случак і Аліна Нагорная распрацавалі прыклады зваротаў, якія можна дасылаць у арганізацыі, адказныя за замену дарожных знакаў, піша nn. by. «Усё пачалося з выказвання Лукашэнкі пра тое, што мала хто на дарозе зразумее фразу: «Выконвайце хуткасны рэжым». Тады і вырашылі, што, наадварот, беларускім вуліцам патрэбныя беларускія назвы. Вывучылі заканадаўства, распрацавалі ўзоры зваротаў», — расказвае прадстаўніца кампаніі «Умовы для мовы» Аліна Нагорная. Узоры зваротаў распрацаваныя і для тых выпадкаў, калі шыльда напісана на рускай мове, і для тых, калі ў назве па-беларуску ёсць памылка. Пабачыць прыклады зваротаў і выбраць патрэбны можна тут. «Ігар звярнуў увагу, што ў Баранавічах знак «Міліцыя» напісаны па-руску. Напісалі зварот — шыльду замянілі на прыгожую беларускамоўную. Тое самае было ў Гомелі. Таксама замянілі знакі рака Случ, вуліца Фабрыцыуса, вёска Гарадзішча», — кажа Аліна Нагорная. Рэч у тым, што ў нарматыўных актах указваецца, як канкрэтна павінны выглядаць знакі — па-беларуску.