![]()
Грошы для аплаты хостынгу і дамэну збіралі талакою. Грамадзкая ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» запусьціла сайт Kobylaki. by, прысьвечаны забітым ва ўрочышчы Кабылякі ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Сайт быў створаны пры падрымцы вэб-акадэміі Wacademy. by, пасьля таго як ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» перамагла ў конкурсе некамэрцыйных праектаў. Пра гэта Свабодзе распавёў каардынатар праекту Ігар Станкевіч, продкі якога былі расстраляныя ў Кабыляках. Ігар Станкевіч Каля дзясятка нашчадкаў рэпрэсаваных сабралі 480 рублёў для аплаты хостынгу і дамэну сайту. Цяпер стваральнікі сайту напаўняюць яго інфармацыяй пра рэпрэсіі ў Кабыляках. Першапачатковая задача — зрабіць зручны пошук, каб нашчадкі змаглі знайсьці сваіх рэпрэсаваных продкаў, сказаў Станкевіч. Ініцыятыва працягвае шукаць людзей, чые сваякі былі расстраляныя ў Воршы. Сёлета кампанія «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» стала ляўрэатам прэміі імя Віктара Сырыцы, якую трэці год запар уручае рух «За Свабоду».