![]()
На розных пляцоўках у сеціве, а таксама ў прэсе пачалі зьяўляцца інфэрнальныя артыкулы з коштамі збораў у школу. Таньней за 750 рублёў на дзіцёнка я шчэ падлікаў не сустракала, але бачыла і 890, і тысячу. У мяне ў сям’і — два школьнікі. Гэта значыць, што я і ў «папіццот» не ўкладуся, калі буду зьбірацца як сьлед. Але што там артыкулы з коштамі! У мэтро зьявілася рэкляма: «Набываеш сшыткі сёньня, а плаціш праз 80 дзён!» О, шчасьце беларускай сям’і — набыць школьныя сшыткі ў такую смачную растэрміноўку! Не заплечнік, ня кеды з ботамі, не аэраплян, ня хатні андронны калайдэр — сшыткі ў клетку і лінейку! У растэрміноўку! Ачумець, які атракцыён нечуванай шчодрасьці. І добра б, каб на дабро. А то ж пяць-шэсьць крэдытных сшыткаў сапсуюцца, пакуль дзіця іх правільна падпіша, зьмясьціўшы слова «сшытак» па новых правілах, альбо ў цэнтры, альбо зьлева, альбо, як саскочыць у нашых мэтадыстаў вёрстка ў інструкцыі, дык і справа. Паляцяць і дзёньнікі: «Як ты падпісаў дзёньнік! Я сказала, нікому нічога не падпісваць, пакуль ня будзе ўказаньняў! Дзёньнік — гэта дакумэнт вучня! Перапісаць! Наноў перапісаць! Яшчэ раз перапісаць!»Не падыдуць і вокладкі на нефарматныя падручнікі, іх трэба будзе падразаць, падмотваць скотчам, яны будуць туды-сюды боўтацца на кніжках і замест таго, каб абараняць паліграфію, дадаваць у школьную паўсядзённасьць элемэнт непазьбежнага хаосу і татальнай нязручнасьці ўсяго.