У Менску ўшанавалі памяць амэрыканкі Рут Уолер

Рут Уолер прыехала ў Беларусь у 1945 годзе з першай місіяй ААН. Павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур выказала спадзяваньне, што налета ўжо амбасадар ЗША будзе выконваць ганаровы абавязак ушанаваньня памяці амэрыканскай грамадзянкі Рут Уолер, перадае «Радыё Свабода». 7 жніўня Джэніфэр Мур разам з пастаяннай каардынатаркай ААН у Беларусі Яаннай Казана-Вісьнявецкай, першым сакратаром сэктара ЗША і Канады МЗС РБ Дзьмітрыем Ільішыным і дырэктарам менскай сярэдняй школы № 130 імя Рут Уолер Дзьмітрыем Бякцяшкіным усклалі кветкі да магілы Рут Уолер на Вайсковых могілках. Амэрыканка Рут Уолер, якая працавала ў місіі UNRRА — Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня ААН, памерла ў Менску 4 жніўня 1946 году. Яна выратавала двух хлопчыкаў, якія танулі ў возеры ў Лошыцы, а сама захварэла на запаленьне лёгкіх і памерла. Пахавалі яе на Вайсковых могілках у Менску. «Гэта ўжо добрая традыцыя штогод прыходзіць сюды і ўспамінаць Рут Уолер, якая прыехала ў Беларусь, калі ва ўсім сьвеце панавала надзея на пабудову новага, квітнеючага і пасьпяховага сьвету на ўсёй плянэце», — сказала Джэніфэр Мур.