Сотні тысяч подпісаў, тысячы зваротаў і сотні перамог

У беларускім грамадстве сталі выяўляцца цікавыя працэсы. Яшчэ гадоў пяць таму зборы подпісаў шляхам стварэння электронных петыцый нават у асяроддзі прасунутых беларускіх інтэрнаўтаў выглядала дзівацтвам і безнадзейным «канапным актывізмам». Памятаю даволі гарачыя дыскусіі ў сацыяльных сетках, лейтматывам якіх часта былі выказванні лідараў меркаванняў пра тое, што электронныя звароты – гэта пэўная форма імітацыі. Маўляў, не можаш узвесці барыкаду, складай петыцыі, на якія ўлада будзе пляваць з высокае званіцы. Сапраўды, пэўная рацыя ў такіх выказваннях была, бо ў рэаліях краіны, дзе няма публічнай палітыкі, а сябраў апазіцыйных рухаў пераследуюць рэпрэсіўныя органы, любая анлайн-актыўнасць выглядала рэнегацтвам, спробай сысці ад лабавога сутыкнення з касманаўтамі з АМАП у стылі «Марша свабоды-1999». Але паступова ў беларускім грамадстве сталі выяўляцца цікавыя працэсы, якія можна назваць рацыяналізацыяй пратэстаў, калі грамадзяне імкнуліся вырашаць бягучыя сацыяльна-палітычныя праблемы без прамога канфлікту з уладай.