Фотофакт: Знакамітая паэтка і патрыётка Ларыса Геніюш на паштоўках, канвертах і каляндарыках

Першая паштоўка, прысвечаная беларускай паэтцы-змагарцы, з’явілася напрыканцы 1954 года. Першая паштоўка, прысвечаная беларускай паэтцы-змагарцы, вязню сталінскіх лагераў Ларысе Геніюш (1910-1983) з’явілася напрыканцы 1954 года, піша Сяргей Чыгрын для «Радыё Рацыя». Яе намаляваў сябра падпольнай антысавецкай арганізацыі “Чайка”, паэт і педагог, вязень ГУЛАГу Васіль Супрун (1926-2007). Паштоўка была намалявана ў Варкуце і даслана Ларысе Геніюш. На ёй намаляваны падкова з бел-чырвона-белым сцягам, вясковая хата пад снегам і словы: “ З Новым 1955 годам – Ларыска!”. У 1993 годзе Анатоль Белы выдае паштоўку з выяваю карціны Сямёна Геруса, прысвечаную Ларысе Геніюш. На ёй мастак адлюстраваў партрэт паэткі за кратамі і калючым дротам. А таксама словы паэткі: “Бацька і маці, і родная мова для беларусаў – пытаньне жыцьця”. У Слонімскай друкарні ў 1998 годзе пашанцавала выпусціць паштоўку з партрэтам Ларысы Геніюш і з бел-чырвона-белым банцікам. Паштоўку намалявала слонімская мастачка Людміла Лобач.