![]()
Добраўпарадкаванне праводзілася выключна дзякуючы энтузіязму валанцёраў і працягвалася 5 гадоў. Завяршае сваю працу апошняя з 12-ці экспедыцый, удзельнікі якіх – прадстаўнікі Расеі і Беларусі – расчысцілі ад хмызняку і смецця 4,2 гектара плошчы, перадае «Радыё Рацыя». Валанцёры паднялі з зямлі больш за 1200 мацэваў – надмагільных камянёў. Сярод іх і тыя, што былі ўсталяваны ў памяць продкаў Ганны Клімовіч, лекаркі з Санкт-Пецярбургу і ініцыятаркі добраўпарадкавання могілак у Бешанковічах. – Усё гэта мы пачыналі разам з сынам. Тут нарадзілася мая бабуля, і аднойчы я вырашыла пацікавіцца гэтым месцам. Убачыла вялізную колькасць закінутых камянёў і зразумела, што не магу гэта бачыць і ведаць, што недзе ёсць настолькі занядбаныя могілкі. Ганна і яе сын Аляксандр абвясцілі пошук валанцёраў, ахвотных паехаць у невялікі райцэнтр на Віцебшчыне, які ў пачатку 20-га стагоддзя быў тыповым габрэйскім мястэчкам – габрэйскае насельніцтва складала тут да 80%. Ахвотных штораз набіралася 10-15 чалавек, і многія прыязджалі сюды па некалькі разоў.