![]()
Мы хацiм ведаць, як улада 25 гадоў распараджалася народнымі грашыма. З савецкага часу помніцца, як у любой установе ў разгар працоўнага дня раптоўна ў пакой заяўляліся нахрапістыя цёткі, якія важна называліся «камісіяй», і, не зважаючы на прысутных, выкрыквалі нумары, перапісвалі мэблю і абсталяванне. Працэс называўся планавай інвентарызацыйнай зверкай, пiша Сяргей Законнікаў для sn-plus. com. У разважаннях беларускага правіцеля апошнім часам таксама загучала тэма наладжвання зверкі і праверкі дасягнутага. На пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета А. Лукашэнка сказаў: «Я предложил, чтобы Нурсултан Абишович (Назарбаев) занялся, в том числе, и ревизией всего того, что мы сделали или не сделали в союзе, начиная с кадрового состава нашей комиссии и заканчивая стратегическими направлениями нашей деятельности». Што ж, падводзіць вынікі карысна, бо без гэтага нельга асэнсавана рухацца наперад. Але я мяркую, што беларускае насельніцтва больш цікавіць не стан Еўразійскага саюза, а ўсё ж унутраныя рэаліі нашай суверэннай краіны — захаванне законнасці, правоў і свабод чалавека, узровень падрыхтаванасці і сумленнасці службоўцаў, дасягненні ва ўсіх сферах гаспадарання, адпаведнасць у аплаце працы і ў памерах пенсій розных катэгорый грамадзян.