Пра галоўную праблему Менгарвыканкама

Доўга думалі чыноўнікі Мінгарвыканкама, чым бы заняцца ўлетку. І прыдумалі. А прапануем што-небудзь для адукацыі. Яна ж у Беларусі амаль разваленая. Дым мы яшчэ дадамо. Дырэктарам, класным кіраўнікам і настаўнікам няма чым займацца ў школе. На іх жа не павесілі дадатковую працу ў выглядзе электронных дзённікаў, наведвання сем’яў, дзяжурств на дыскатэках ды вядзення спісаў нованароджаных дзяцей. Вось і вырашылі ў Мінгарвыканкаме дадаць яшчэ адзін галаўны боль для школ. А менавіта чыноўніца Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч прапанавала ўвесці курс “Сем’язнаўства”. Чыноўніцтва спадзяецца такім чынам вырашыць ажно тры праблемы: павелічэнне колькасці разводаў, позніх шлюбаў ды позніх дзяцей. Вось “Сем’язнаўства” – гэта акурат той прадмет, якога не хапала ў школах. Не, каб увесці курс “Сусветная літаратура” замест “Руская літаратура”. Прапанаваць увогуле нарэшце рэфармаваць школу так, каб бацькам не давялося спачатку з дзецьмі урокі рабіць, а ў апошніх класах рэпетытараў на апошнія грошы наймаць.