![]()
27 ліпеня 1990 году ўпершыню нашая краіна сапраўды моцна, крэпка, заканадаўча стала на шлях незалежнасьці. 27 ліпеня 1990 году была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Больш як праз год, 25 жніўня 1991 году, яна набыла канстытуцыйную сілу. Гэтыя два гістарычныя дні зрабілі нашую краіну сапраўды незалежнай. 27 ліпеня было абвешчана галоўным дзяржаўным сьвятам – Днём незалежнасьці Беларусі. Аднак пасьля рэфэрэндуму 1996 году Дзень незалежнасьці афіцыйна быў перанесены на 3 ліпеня. Прапануем вам з архіваў «Радыё Свабоды» гутарку з дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, доктарам гістарычных навук Валянцінам Голубевым. – У якой палітычнай абстаноўцы прымалася Дэклярацыя?– Я хачу зазначыць, што прыняцьце Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР было зьявай невыпадковай. І на гэта ўплывалі розныя прычыны. Па-першае, тое, што ўвесну 1990 году адбыліся выбары ў ВС БССР, у склад якога былі выбраныя і дэмакратычна, антыкамуністычна настроеныя людзі. Гэта ў асноўным прадстаўнікі БНФ, якія стварылі ў ВС фракцыю БНФ у складзе 27 чалавек на чале зь Зянонам Пазьняком.