![]()
У гэты дзень 29 гадоў таму беларускі парлямэнт прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. За дакумэнт прагаласавалі 229 дэпутатаў пры ніводным «супраць» або «ўстрымаўся», паведамляе «Радыё Свабода». Першы крок да рэальнай незалежнасьціНа архіўных відэакадрах апэратара Сяргея Чырыка відаць, як людзі вітаюць аплядысмэнтамі дэпутатаў фракцыі БНФ, якія, нягледзячы на прэсінг камуністычнай большасьці здолелі наблізіць савецкую рэспубліку да рэальнай незалежнасьці. Сярод народных выбраньнікаў, якія выйшлі да людзей ля Дома ўраду, — Зянон Пазьняк, Міхась Ткачоў, Сяргей Навумчык, Алег Трусаў, Юрась Беленькі, Галіна Сямдзянава, Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Сяргей Антончык ды іншыя. З выступаў вынікае, што яны яшчэ самі да канца ня вераць, што зрабілі гісторыю. Тая дэклярацыя фактычна мела рэкамэндацыйны характар. Але менавіта яе прыняцьце стала першым сур’ёзным юрыдычным крокам у кірунку сувэрэннай Беларусі. Крыху больш чым праз год, 25 жніўня 1991-га, неўзабаве пасьля правалу путчу камуністычных рэваншыстаў у Маскве, Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня надаў дакумэнту статус канстытуцыйнага закону.